Праект "Памяць. Адзінства. Перамога".
На тэрыторыі Швабскага і Лагойскага (мікрараён школы) сельскіх саветаў за перыяд Вялікай Айчыннай вайны спалена 21 вёска, забіты 201 чалавек, спалены 451 дом.
Большасць вёсак былі спалены падчас карніцкай аперацыі "Вясна-Поўнач":
Па тэрмінах карная аперацыя «Вясна - Поўнач» праводзілася ў перыяд з 7 па 14 красавіка 1943 гады. Кіраўніцтва антыпартызанскай акцыяй ажыццяўляў брыгадэнфюрэр СС і генерал-маёр паліцыі Вальтэр Шымана, які часова выконваў абавязкі начальніка СС і паліцыі Беларусі. Для выканання гэтай аперацыі былі сфарміраваны чатыры баявыя групы і прыцягнуты наступныя сілы: у першую групу увайшоў 2-гі паліцэйскі полк СС за выключэннем адной роты ад кожнага батальёна, якія засталіся праводзіць аперацыю па канфіскацыі сельгаспрадуктаў і працоўнай сілы ў Нямеччыну ў раёне Маныльскага лесу, дзе раней удзельнічалі ў карнай аперацыі "Манылы". У гэтую групу ўвайшоў таксама 202-гі батальён ахоўнай паліцыі. У другой групе быў 13-ы паліцэйскі полк СС. Трэцяя група складалася з 1 батальёна 23-га паліцэйскага палка СС і 57-га батальёна ахоўнай паліцыі У чацвёртай групе знаходзіліся асаблівы батальён Дзірлевангера і рота ахоўнай паліцыі 11-га батальёна. У аперацыі таксама ўдзельнічала 12я танкавая рота. Усім баявым групам надалі каманды СД, якія дапытвалі захопленых палонных і маглі на месцы вырашаць іх лёс, а таксама прымалі рашэнне аб спальванні вёсак і расстрэле мясцовых жыхароў.